A R C H E S k a r y n a № 4 (18) – 2001
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


42001
» да Зьместу «

 


Скарына
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


Палеміка

МАРЦІН МАЛЯ
Вокладка ARCHE Skaryna 4-2001.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (3-2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1-2001)
   Мэдыцына

   Скарына
(8-2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Марцін Маля
 
Адказ на эсэ А. Бэзансона 


Эсэ, якое прысьвяціў маёй кнізе Ален Бэзансон, натуральна ж, прынесла мне шмат прыемнасьці: ніводны з чытачоў дагэтуль не патрапіў даць такі глыбокі й грунтоўны камэнтар да маіх развагаў. Ален Бэзансон падрыхтаваў ідэальнае рэзюмэ — такое, пасьля якога карціць прачытаць саму кнігу. Увадначас, аналіз майго сябра нямала зьбянтэжыў мяне, бо я не да канца разумею, у якім кірунку разьвіваецца ягоная думка.

Яго эсэ разьвіваецца ў двух часавых вымярэньнях. У першай частцы, скажам так — у рэфэраце, прыгадваюцца й камэнтуюцца прынцыповыя моманты маіх уласных развагаў. Нагадаю, што Эўропа выступае ў іх не як аднародны адносна Расіі культурны блёк, а як шэраг Sonderwege, асобных шляхоў, у тым ліку й расійскага, што ствараюць gradient, альбо культурны схіл, што паніжаецца ад Атлянтыкі да Ўралу. Відавочна, што гэты “Захад” у шырокім разуменьні слова фармаваў стабільную рэчаіснасьць усёй Эўропы, ад заснаваньня імпэрыі Пятра Вялікага да будовы “рэальнага сацыялізму” Леніным ды Сталіным. Ален Бэзансон прымае сутнасьць маёй параўнальнай і рэлятывізуючай гіпотэзы, таму я ня буду камэнтаваць ягоных заўвагаў.

У другой частцы свайго эсэ аўтар пераходзіць да “сумневаў”, што вынікаюць з таго, што я нібыта “не пажадаў узяць пад увагу пэўныя рэчы”, якія Бэзансон спрабуе разьвіваць як “гісторык-кампаратывіст”. Аднак жа, хоць гэтыя “ня ўзятыя пад увагу рэчы” ён прыводзіць як звычайныя “дапаўненьні” да маёй аргумэнтацыі, яго ўсё гучнейшыя развагі нарэшце ператвараюцца ў праўдзівую антытэзу першай часткі эсэ. У заканчэньні ён сьцьвярджае, што “эўрапейскасьць” Расіі, то бок яе здольнасьць да цывілізаванага жыцьця, вісіць на валаску. Ён нават урачыста заклікае бяспутную Расію сваімі добрымі паводзінамі заслужыць сабе ў будучыні ўваходны білет у праўдзівую Эўропу. Цяпер зірнем, ці магчыма, каб на падставе двухвымернага эсэ Алена Бэзансона нашыя пазыцыі сышліся.


прафэсар гісторыі каліфарнійскага ўнівэрсытэту Бэрклі. Апошнімі часамі выйшлі яго кнігі “The Soviet Tragedy: A History of Socialism in Russia” (1995), “Russia Under Western Eyes: From the Bronze Horseman to the Lenin Mausoleum” (1999). Апошні твор ён прысьвяціў “Польшчы, якая ў 1980 годзе распачала дэмантаж камунізму і Дэмакратычнай Расіі, якая ў 1991 годзе скончыла яго”.
   

Тэорыя Рычарда Пайпса

Найперш, аднак, я мушу высьветліць адно непаразуменьне. У адрозьненьне ад таго, што хоча сьцьвердзіць Ален Бэзансон, я не пісаў сваёй кнігі ў піку Рычарду Пайпсу. Як заўважае наш аўтар, першыя яе накіды зьявіліся ў 1962 годзе. Дадайма, што я прагнуў аспрэчыць модны тады даўні стэрэатып Расіі як краіны, у якой пануе адвечны “ўсходні дэспатызм”. Тады як Рычард Пайпс прадставіў сваю пазыцыю адно ў 1974 годзе (у кнізе пад назовам Russia under the Old Regime), пасьля чаго выявілася, што пазыцыя гэтая ёсьць у сутнасьці сваёй мадэрнізаванаю вэрсіяй таго слаўназнанага стэрэатыпу. Паводле новай трактоўкі Пайпса, Расія, ад Маскоўскага княства пачынаючы, акрэсьліваецца як “патрымоніюм”. Гэты панятак аўтар запазычыў у Макса Вэбэра, а азначае ён, што манарх ёсьць уладальнікам зямлі й ейных жыхароў (такі, зрэшты, і традыцыйны сэнс выразу “ўсходні дэспатызм”). “Арыгінальнейшым” было тое, што для Рычарда Пайпса камунізм быў папросту чырвонай іпастасьсю “маскоўскага патрымоніюму”, у якім марксісцкая ідэалёгія не адыгрывала значнай ролі. У 1974 годзе Пайпс сьцьвердзіў, што “надзвычайныя законы”, уведзеныя Аляксандрам ІІІ пасьля забойства свайго бацькі ў 1881 г., з таго часу ўяўлялі сабою — у тым ліку і ў савецкую эпоху — “сапраўдную канстытуцыю Расіі”. Ён дадаваў, што “расійскі Крымінальны кодэкс быў для таталітарызму” ў Расіі і ўва ўсёй Эўропе тым, чым “была для ідэі свабоды Magna Charta”. Дзіўная тэорыя. Калі камунізм — гэта ўсяго толькі чарговая іпастась вечнай Расіі, дык тады немагчыма зразумець расійскую гісторыю ХХ стагодзьдзя. Твор Рычарда Пайпса як галоўны на сёньня прыклад тэзы пра “азіяцкую” Расію стаецца ipso facto найдасканалейшаю антытэзаю маёй уласнай кнігі.

Вяртаючыся да Алена Бэзансона, можна сказаць, што ўсе яго сумневы датычаць стратэгіі “даганяньня Эўропы”, якую Расіі прадыктавала яе адставаньне на крывой, што паніжаецца ад Захаду да Ўсходу Эўропы. Гэтае спазьненьне спарадзіла патрэбу “самаўзьвелічэньня” ў форме “ўяўнага наганяньня”. Першы спосаб самаўзьвелічэньня — рэлігійны, мэсіянскі, фанатычны нацыяналізм, які можна было назіраць ад XVI стагодзьдзя да славянафілаў стагодзьдзя ХІХ і ажно да посткамуністычнага праваслаўя. На што, аднак, абапіраецца Бэзансон, даводзячы існаваньне гэтай шматвекавой рэлігійнай традыцыі (якую ён, шчыра кажучы, д’ябалізуе)? Калі прыгледзецца да яго пазыцыі, выяўляецца, што яна грунтуецца на старанна падабраных фрагмэнтах гісторыі, якія беспасярэдне ўпісваюцца ў клясычны антырасійскі стэрэатып.


 
   

Антырасійскі пагляд

Падбор пачынаецца з манаха Філафея, аўтара дактрыны пра “Маскву — Трэці Рым” (яна датычыла выключна цэркваў і ніколі не вызначала кірунку расійскай дзяржаўнай палітыкі). Далей ён прыводзіць прыклад славянафілаў і некарэктным чынам рэдукуе яго да крайняй пазыцыі Дастаеўскага (ані словам ня згадваючы пра асноўную групу славянафілаў, якая складалася з дробнага дваранства кансэрватыўна-“арганічных” перакананьняў у стылі Эдмунда Бёрка, прыкладам, Хамякова альбо Аксакава). Выкарыстоўваецца таксама антыпольская цытата з Салжаніцына (які наагул да афіцыйнай царквы ставіцца досыць крытычна). Пры канцы аўтар урэшце згадвае сапраўды неадназначную постаць япіскапа Екацерынбурскага. Робячы гэтую выбарку, Ален Бэзансон дзе-нідзе супярэчыць сваёй місіі гісторыка-кампаратывіста: як прыклад узаемасувязі элемэнтаў рэлігійных і нацыянальных ён прыводзіць адносна нязначны выпадак Англіі, у той час як гэтая тэндэнцыя праяўлялася паўсюль у Эўропе, ад ультракаталіцкай Ірляндыі да Польшчы, якая сама называла сябе “Хрыстом Народаў”, ня кажучы ўжо пра gesta dei per francos.

Зразумела, стасункі паміж усходнімі й заходнімі цэрквамі часьцяком былі й дагэтуль застаюцца складанымі, і нават адкрыта варожымі. Трэба, аднак, мець багатае ўяўленьне, каб казаць пра “ідэалягічныя “выбрыкі” правіцы, што бунтавалі ў Расіі народ наконадні першай сусьветнай вайны. Яе пагроза была настолькі страшнаю, што я нават цешуся, што ўрэшце перамаглі бальшавікі, а не яна”. І далей, у высновах: “Калі б першая сусьветная вайна скончылася трыюмфам Расіі і яна запанавала над паловай Эўропы, усёй Польшчай, Балканамі й Канстантынопалем, як гэта абяцалі ёй хаўрусьнікі, мы, можа, мелі б справу з сумесьсю нігілізму, разьдзьмутага нацыяналізму, расізму й антысэмітызму, які явіла сьвету нацысцкая Нямеччына, толькі ў кантынэнтальным маштабе — нашмат больш грандыёзнай і да таго ж з рэлігійным грунтам пад сабой”. Няўжо Ален Бэзансон напраўду хоча нам сказаць, што традыцыйная Расія, выхаваная на сваёй адзінай ідэалёгіі, то бок праваслаўі, рыхтавала нам жудасьці, роўныя тым, якія ўчынілі камунізм і нацызм, разам узятыя?


 
   

Імпэрыя?

Гэтаксама суб’ектыўна гучаць заўвагі пра яшчэ адно самаўзьвелічэньне, г. зн. пра “імпэрскую манію велічы”. Пакіньма ўбаку нават тую “пыху”, якую нібыта выклікае вялізарная тэрыторыя краіны. Мы бачым у гэтым адно нацыянальна-патрыятычныя настроі, ня вельмі адрозныя ад тых, якімі кіраваліся некаторыя францускія традыцыяналісты, што, адмоўна ставячыся да прамыслова больш разьвітай Англіі, ухвалялі Францыю як “краіну двухсот гатункаў сыру”. Сур’ёзьней кажучы, Расійская імпэрыя паўстала такім самым чынам, як і іншыя эўрапейскія імпэрыі, — дзякуючы як геастратэгічным рашэньням, так і нацыянальнай пысе. Сёньня, аднак, гэтая эпоха відавочна мінула. Падзеі апошняга дзесяцігодзьдзя адназначна пераконваюць нас, што небясьпекі расійскага імпэрыялізму ўжо не існуе. У 1991 годзе Расія якга “пазбавілася” ўсіх набыткаў Пятра Вялікага, Кацярыны Вялікай і Аляксандра ІІ разам узятых. Мы памятаем, зь якою цяжкасьцю Францыя разьвіталася з сваёю імпэрыяй, як галяндцы трымаліся за Ост-Індыю. Натуральна, у Расіі й цяпер ёсьць туга па мінулых днёх велічы на міжнароднай арэне, аднак усе апытаньні грамадзкае думкі сьведчаць пра тое, што яе насельніцтва нязгоднае ахвяраваць нават мінімальныя намаганьні для адбудовы імпэрыі альбо здабыцьця рангу супэрдзяржавы. А sнават калі б народ нечага такога захацеў, у Расіі не знайшлося б ані людзкіх, ані матэрыяльных рэсурсаў для дасягненьня згаданай мэты: сьмяротнасьць перавышае нараджальнасьць на 700 000 чалавек у год, гаспадарка разбураная, а войска аслабленае настолькі, што ніяк ня дасьць рады Чачэніі, якая ўваходзіць у склад Расіі. Вартыя жалю жэсты, накшталт дэсанту на аэрадром Прышціны, зробленыя, каб насаліць Захаду, ніяк гэтай сытуацыі не мяняюць.

Што да трэцяга спосабу самаўзьвелічэньня, то бок непапраўнай хлусьні, дык гэты аргумэнт выглядае настолькі надуманым, што мне не застаецца нічога, як толькі запярэчыць. Ці знойдзецца ў сьвеце краіна, якая, дайшоўшы да жабрацтва, ня будзе хлусіць, каб утаіць сваю галечу?


 
   

Камунізм

Але, што цікава, у вопісе спосабаў таго, якім чынам расійцы спрабуюць узьвялічыць сябе, складзеным маім сябрам Аленам Бэзансонам, нічога не гаворыцца пра рэальны, вялікі спосаб, апісаньне якога складае кульмінацыйны пункт маёй кнігі, — марксісцка-ленінскую ідэалёгію, якая мусіла дапамагчы дагнаць і перагнаць “капіталістычную” Эўропу й спраўдзіць першую вялікую эўрапейскую ўтопію. Пра мой досьлед гэтага “павароту гісторыі наўпопяць”, зь якога вырасла несапраўднае антыграмадзтва, Ален Бэзансон піша адно тое, што ён “найвядомейшы” і таму “ня вельмі арыгінальны”. Ад аўтара “Інтэлектуальных крыніц ленінізму” можна было чакаць і большага. Мудры пагляд Бэзансона на ідэалёгію калісьці пераконваў значна болей, чымся яго сёньняшнія спэкуляцыі на тэму “расійскасьці” й “праваслаўнай Уммы”. Тым больш шкада таму, што я ў сваёй кнізе скарыстаўся яго досьледамі, якія датычылі гэтай ідэалёгіі “несапраўднасьці”.

Згадайма, нарэшце, некалькі істотнейшых момантаў. Ален Бэзансон падкрэсьлівае, што культурная крывая праходзіць унутры Расійскай імпэрыі, у якой занядбаны маскоўскі цэнтар панаваў над больш разьвітай Польшчаю й балтыйскімі краінамі. Гэтая акалічнасьць нібыта мусіла — іначай, чымся ў выпадку з Прусіяй — “стрымліваць рэформы”. Тым часам gradient унутры абедзьвюх краін паніжаўся акурат у адваротным кірунку. У Расіі ў 1905 г. адукаваныя празаходнія асяродкі ўсё актыўней дамагаліся рэформаў, тады як у бісмаркаўскай Прусіі юнкерска-арыстакратычная канстытуцыя стварала сур’ёзныя перашкоды на шляху да дэмакратыі, за якую змагаліся больш разьвітыя захад і поўдзень Нямеччыны. Не забывайма таксама, што ў той самай Усходняй Нямеччыне колькасьць агентаў “Штазі” на душу насельніцтва значна перавышала долю тых 200 тысяч расійскіх КГБістаў, на якіх наракае Ален Бэзансон.


 
   

Быць альбо ня быць расійцам?

Наш аўтар зьвяртае таксама ўвагу на той факт, што расійская літаратура, у адрозьненьне ад заходняй, упарта вяртаецца да пытаньня нацыянальнай тоеснасьці. Але тут гісторык-кампаратывіст не павінен забывацца, што й амэрыканская літаратура — ад Вашынгтона Ірвінга й Лангфэла да Ўолта Ўітмэна, Генры Джэймса й Марка Твэна — таксама “дзяўбе” праблему маладзенькай нацыянальнай ідэнтычнасьці, параўноўваючы яе з старою эўрапейскай, культурна багатаю, але ж сапсаванаю з прычыны адсутнасьці дэмакратыі. Ня кажучы ўжо пра нямецкія спробы вызваленьня з-пад францускай культурнай “апекі”, што назіраліся з часоў Гётэ.

У заканчэньні Ален Бэзансон слушна піша пра шматвекавую працу як неабходны чыньнік у працэсе стварэньня цывілізацыйных умоваў у Эўропе — чыньнік, які працуе не на карысьць Расіі. Ён супастаўляе тут прыўкрасныя нямецкія гарады XVI ст. зь вясковаю Масквой тых часоў. Аднак, багатае мінулае ніякім чынам не гарантуе будучыні: і старая Нямеччына, маючы ў багажы Рэнэсанс і Рэфармацыю, і маладая Расія, перажыўшы эпоху Івана Жахлівага й пратапопа-раскольніка Авакума, у 30-я гады ХХ ст. дайшлі да той самай ступені барбарства. І тысяча гадоў цывілізацыі не ўберагла Эўропы ў першай палове ХХ ст. ад найкрывавейшай у гісторыі трагедыі.

Так ці іначай, спроба аб’яднаць агульнаэўрапейскія пэрспэктывы маёй кнігі з “дапаўненьнямі” Алена Бэзансона выявілася няўдалаю. Бо, калі верыць Бэзансону, усе тры спосабы самаўзьвелічэньня — рэлігія, імпэрыялізм і хлусьня — і зьяўляюцца той “сутнасьцю” вечнай Расіі, якую ён не прымае і супраць якой скіраваная мая кніга. Ален Бэзансон нават даходзіць да крайняга стэрэатыпу “раба на каленях”, які марыць “пра сусьветную імпэрыю” (дэ Кюстын).

Вось жа, з гэтага гледзішча паразуменьне падаецца мне немагчымым, і нам не застаецца нічога іншага, як шчыра прызнаць розьніцу ў нашых паглядах на сутнасьць расійскай гісторыі. Я, прынамсі, ня веру ў тое, што “форма й роля расійскай дзяржавы, форма й дух расійскага рэлігійнага пачуцьця сталіся (…) перашкодаю” на шляху збліжэньня Расіі з рэштай Эўропы, ані ў тое, што гэтая краіна застанецца ў няпэўнасьці на скраі бездані, запоўненай сумесьсю камунізму, “коснага” нацыяналізму й “фанатычнай” рэлігіі, якая робіць акцыдэнталізацыю Расіі амаль невырашальнаю задачай.

Але, як мудра дадае Ален Бэзансон, трэба асьцярожна чакаць і назіраць. Бо культурны gradient, што сёньня расьцягваецца па ўсёй Эўропе й фармуецца глябалізацыяю і Інтэрнэт-рэвалюцыяй, тоіць у сабе шмат неспадзяванак. Расія таксама шчэ можа нас зьдзівіць.

 
Пераклаў зь нязначнымі скарачэньнямі Андрэй Хадановіч паводле часопісу Commentaire (№89), 1999.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 4 (18) – 2001

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine. Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Апошняе абнаўленьне: 06-10-2001